Cherryvata альбом “Горад у квадраце”
Вітаю ўсіх, чый мозг заўсёды патрабуе нечага новага і цікавага. Я, Маша Яр, прапаную вам сёння падацца ў “Горад у квадраце” разам з гуртом Cherryvata…
Аднойчы з’явіўшыся на беларускім музычным небасхіле, гурт Cherryvata здолеў-такі сказаць новае слова ў электроннай музыцы. І вось-другое слова, такое ж значнае…
Упершыню ў нашай краіне (як мы адсталі ад жыцця!) свет убачыў альбом рэміксаў! “Горад у квадраце” зроблены ўдзельнікамі Cherryvata, кіраўніком праекта Змітром Літвіновічам (Diamos Roll), Heinz Troy і неапошнімі асобамі музычна-электроннага свету: Access Denied, Vertical Movement, Subway Funk і Antisimetria.
Плыта складаецца з 14-ці трэкаў. Трэба адзначыць, што не толькі песні Cherryvata атрымалі новае жыццё, але і вядомыя песні папулярных выканаўцаў, такіх, як Атмараві, Без Білета, J-Морс, набылі ў нейкім сэнсе дзіўнае, крыху нязвыклае для іх электроннае аздабленне. Кампазіцыі альбому вырашаны ў розных сучасных музычных кірунках- ад трып-хопу і даба, да брэйкса і драм-н-бэйса…
Так, першы трэк кружэлкі – рэмікс на песню “Горад” гурта J-Морс (адсюль пачынаецца гісторыя назвы альбому). Ён вытрыманы ў трып-хопавым духу і накіроўвае слухача ў касмічныя далі, адкуль, мабыць, гарады здаюцца абстрактнымі выявамі.
Апроч лірычных, на альбоме шмат танцавальных трэкаў. Як, напрыклад, Vesna саміх Cherryvata (Vertical Movement remix), вось тут паслухайце:
Танцавальнымі рытмамі вылучаецца і рэмікс на песню “Ліпень” Атмараві. Узнікае вобраз летняга горада, крыху стомленага ад сонца, аднак імклівага:
Знакамітая “Песенька Артыста”, дзякуючы эксперыментальнай басовай лініі набывае лёгка-гратэскны характар:
Завяршае альбом новая кампазіцыя гурта Cherryvata “Горад”( у гэтым месцы і раскрываецца канцэпцыя плыты, менавіта адсюль паходзіць “горад у квадраце”). Песня выканана ў стылі Urban Lo-Fi, таму яна некалькі нязвыклая для агульнага гучання гурта: вялікая колькасць шума і гула перадае аўдыё-карціну індустрыяльнага горада:
Асабіста я не з’яўляюся вялікай аматаркай падобнай музыкі, аднак, паслухаць альбом усё-ткі параю, хоць для таго, каб мець уяўленне аб працэсах, якія адбываюцца ў сучаснай беларускай музыцы…
Наш сённяшні“аглядальны” эксперт –DJ Ales Kaitech, больш вядомы пад імем Катэхізіс. Спадзяюся, яго меркаванне дапаможа вам лепш зарыентавацца ў праслухоўванні альбому рэміксаў “Горад у квадраце” гурта Cherryvata:
З большага мне альбом спадабаўся. Атрымалася даволі стылістычна разснастайная кружэлка. Гэткі сімпатычны мэланж trip-hop, dub, breaks & drum’n’bass музыкі. Увогуле прыемна, што Cherryvata разьвіваецца. На хвалі стылістычнай разнастайнасьці яны хутка змогуць выйсьці па-за межы беларускай рэчаіснасьці й замовіць сабе месца пад сонцам на эўрапейскай электроннай сцэне. Хаця канешне не ўсе кампазіцыі прыйшліся мне да душы. Рэміксы на J-Mors і Безь білета мяне не захапілі, затое rework на Атмараві стаў яскравым прыкладам таго, як рэмікс становіцца на некалькі прыступкаў вышэй самога арыгіналу. Сярод найбольш удалых трэкаў я бы вылучыў Diamos Role live mix на стварэньне пад назвай “Bird” і арыгінальную кампазіцыю Cherryvata, якая носіць назву “Горад”. Гэты трэк уяўляе сабой даволі цікавы экспэрымэнтам у стыле Urban Lo-Fi, што не зусім уласьціва агульнаму гучаньню гурта. Але нават з улікам таго, што салістка Вера не сьпявае, а менавіта чытае тэкст песьні, экспэрымэнт, як на мой погляд, атрымаўся на моцную дзевятачку. Альбом “Горад у квадраце” будзе таксама цікавы, усім хто любіць за кубкам кавы парэфлексаваць на тэму гармоніі ў постіндустрыяльным грамацтве.
Як бы там не было, а Чэрывата стала першым музычным праектам, які выпусьціў альбом менавіта рэміксаў. Неяк у беларускай практыцы я такога прэцэдэнта ня ведаю.. А значыць рэліз застанецца ў памяці народнай, таму што памятаюць заўжды першых і апошніх. Хаця бы з эстэтычнага задавальненьня раіў бы нават самым капрызным меламанам набыць кружэлку ва ўласную калекцыю. Праз гадоў 30 яна стане добры рарытэтам, які й паслухаць ня грэх і дзецям паказаць ня сорамн